Статьи

У дыстанцыйнай працы з вучнямі я навічок. Але папрацаваўшы ў такім рэжыме ўжо некаторы час, я знайшла свой стыль, які ўжо цяпер дае свае вынікі. Любыя змены ў выкладанні можна ацаніць з больш далёкай перспектывы, але нават сёння я ўжо магу зрабіць пэўныя высновы і падзяліцца сваімі ўражаннямі.
Пачну з плюсаў. Шчыра кажучы, у камфортнай дамашняй атмасферы, у спакойным рэжыме працаваць прыемна. Вучні таксама кажуць, што ім падабаецца быць дома і вучыцца. Мне як настаўніку зручна, што ўсё пад рукой: я ў любы момант магу скарыстацца любымі медыйнымі сродкамі, паказаць фільм, ілюстрацыі і г.д. У паўзах паміж урокамі я адпачываю, бо я дома. Ды і на саміх уроках не так стамляешся.
Мінусаў, як і плюсаў, не менш. Самае галоўнае – камунікацыя з вучнямі мінімізавалася. Часам з-за непаладаў тэхнікі або маруднага інтэрнэта мы працуем на ўроках у рэжыме “пытанне-адказ”, без калектыўных дыскусій. Простым чалавечым адносінам таксама цяжка развівацца, нават паміж самімі вучнямі. І, канешне, дысцыпліна. Як і ў рэальнасці, у віртуальным жыцці з ёю могуць быць праблемы: вучань можа ігнараваць урок, апраўдваючыся непаладамі з тэхнікай, можа не ўключыць камеру або сказаць, што з ёю ўзніклі праблемы, і ты як настаўнік не ведаеш, чым ён на ўроку займаецца.
Пералічваючы мінусы, я заўважыла, як унутры мяне ўзнікалі “контраргументы”. І сапраўды: затое мы з кожным вучнем паасобку маем кантакт у асабістых паведамленнях, яны там больш шчырыя, чым у калектыве, пры ўсіх. А праблемы з дысцыплінай даказваюць, што тыя, хто хоча вучыцца, знаходзяць спосаб, і наадварот.
Я бачу, што як прафесіянал вырастаю падчас дыстанцыйнага навучання. Напрыклад, я стала складаць урокі ў сервісе CORE (coreapp.ai). І працу ў такім рэжыме я дакладна буду выкарыстоўваць на ўроках офлайн. Гэты сервіс дазваляе крок за крокам пабудаваць урок з тэкстам, тэстамі, практыкаваннямі, ілюстрацыямі, відэа і г.д. Усе элементы ўрока – у адным месцы. А падчас нашай з вучнямі канферэнцыі ў Зум мы проста праходзім урок з маімі тлумачэннямі і каментарамі.
Як і раней, для мяне вельмі добрай дапамогай з’яўляецца праца з сервісам Canva.com. З яго дапамогай я раблю прыгожыя ілюстрацыі, складаю схемы правілаў. Практыка паказвае, што гэта для дзяцей куды лепш, чым проста чытаць правіла з падручніка. Нават фота практыкавання можна змясціць на прыгожы фон – і дзецям весялей будзе яго рабіць!
Хатняе заданне скарэктавалася. Дзеці індывідуальна скідваюць мне аўдыязапісы або відэа са сваімі адказамі на пытанні – гэтак у іх ёсць маўленчая практыка.
Дыстанцыйная праца натхняе шукаць нешта новае. Напрыклад, цудоўная знаходка – мабільная прылада DRAWU. У гэтай праграме кожны вучань стварыў непаўторны партрэт галоўнага персанажа аповесці, якую мы чытаем на беларускай літаратуры.
Па майму водгуку, напэўна, заўважна, што мне падабаецца працаваць дыстанцыйна. Але я не ўяўляю, каб такі стыль быў на пастаяннай аснове. Такі вымушаны крок пашырыў мой кругагляд настаўніка, і, думаю, прынясе вялікія змены ў маю далейшую працу, калі мы ўсе сустрэнемся ў добрай кампаніі і паглядзім адно аднаму ў вочы.

Настауніца беларускай мовы I лIтаратуры Вольга Качалка.

На фото: 8 клас малявалі партрэт галоўнага персанажа аповесці ў прылажэнні DRAWU.